Замацаваны 11-гадовы перыяд школьнага навучання, пяцідзёнка, 10-бальная шкала ацэньвання ведаў. Прычым дрэнная адзнака ў школе будзе толькі адна — 0, усе астатнія, нават 1 і 2, — станоўчыя.
Вучыць школьнікаў будуць на ўроках, факультатывах, стымулюючых і падтрымліваючых занятках, з дапамогай кансультацый і грамадска-карыснай працы. На павышаным узроўні прадметы будуць вывучацца толькі ў гімназіях, ліцэях, сувораўскім вучылішчы. У звычайных школах павышаны ўзровень навучання будзе забяспечвацца з дапамогай факультатываў.
Вучэбныя заняткі па фізкультуры будуць праводзіцца, як правіла, асобна для хлопчыкаў (юнакоў) і дзяўчынак (дзяўчат).
Максімальная напаўняльнасць класаў у звычайных школах і кадэцкіх вучылішчах — да 25, ва ўсіх астатніх — да 20 вучняў. Навучальны год пачынаецца 1 верасня і заканчваецца 31 мая. Летнія канікулы ўстаноўлены не менш за 12 тыдняў, а канікулы на працягу года — не менш за 30 каляндарных дзён.
У 1 клас будуць прымаць тых дзяцей, якім да 1 верасня споўнілася 6 гадоў і больш. Але па жаданні бацькоў дапускаецца прыём дзяцей, якім 6 гадоў споўніцца ў перыяд з 1 па 30 верасня ўключна.
Ці застанецца ў бацькоў магчымасць навучаць сваіх дзяцей у хатніх умовах?
Атрымаць агульную сярэднюю адукацыю можна будзе як у школе, так і дома, у арганізацыях аховы здароўя, санаторна-курортных ці аздараўленчых арганізацыях, адукацыйна-аздараўленчых цэнтрах. Для вучняў, якія па медыцынскіх паказчыках часова ці пастаянна не могуць наведваць установы адукацыі, ствараюцца ўмовы для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі ў хатніх умовах. Пералік медыцынскіх паказчыкаў для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі ў хатніх умовах вызначаецца Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Адукацыйны працэс можа ажыццяўляцца ў класах або індывідуальна. Ёсць магчымасць вучыцца па індывідуальным вучэбным плане не толькі адораным і таленавітым вучням, але і тым школьнікам, якія па ўважлівых прычынах не могуць пастаянна ці часова наведваць урокі. Права на навучанне ў сям’і па індывідуальным плане захавана. Саветам школы, яе дырэктарам будуць разглядацца прычыны жадання бацькоў вучыць дзіця дома, а таксама іх магчымасці ў навучанні, зыходзячы з прынцыпу "не нашкодзіць дзіцяці". Канчатковае рашэнне будзе прымаць дырэктар школы, у якой вучыцца дзіця.
За якія дасягненні будуць выдавацца атэстаты з адзнакайі залатыя медалі?
Школьнікам, якія маюць пасведчанне за 9 класаў з адзнакай, гадавыя адзнакі 10 і 9 па ўсіх прадметах (акрамя прадметаў "Фізічная культура і здароўе" і "Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка", па якіх дастаткова атрымаць 6 балаў) за 10–11 класы, а таксама адзнакі 10 і 9 па выніках выпускных іспытаў і абавязкова прыкладныя паводзіны, выдаецца атэстат за курс сярэдняй школы асобага ўзору з узнагароджаннем залатым медалём.
Аналагічныя патрабаванні пры выдачы пасведчання за 9 клас з адзнакай. Гадавыя адзнакі 10 і 9 павінны быць за два апошнія гады (8 і 9 класы) па ўсіх прадметах, за выключэннем "Працоўнага навучання", "Чарчэння", "Фізічнай культуры і здароўя", па якіх гадавая адзнака павінна быць не ніжэйшая за 6.
Захаваны і сярэбраныя медалі, а таксама выдача пахвальных лістоў за асаблівыя поспехі ў вывучэнні асобных прадметаў.
За якія дрэнныя ўчынкі вучня або студэнта можна будзе адлічваць?
Дысцыплінарная адказнасць навучэнцаў наступае з 14 гадоў. Падставамі да прыцягнення да яе могуць быць: спазненні і нез'яўленні на заняткі, невыкананне патрабаванняў, неліквідаваная акадэмічная запазычанасць, парушэнні дысцыпліны, зневажанні іншых удзельнікаў адукацыйнага працэсу, псаванне маёмасці і іншыя. Меры спагнання — заўвага, вымова, адлічэнне.
Вучня можна адлічыць са школы толькі з 16 гадоў, прычым выключна з 10 ці 11 класў (раней нельга, бо, паводле Канстытуцыі, у нас абавязковая базавая адукацыя). Падставы для адлічэння: непаспяховасць па трох і болей прадметах (г.зн. "нулі"); адсутнасць на занятках больш за 30 дзён на працягу года; сістэматычнае невыкананне абавязкаў (тыя ж зневажанні настаўнікаў і вучняў); калі да яго ўжо прымяняліся меры дысцыплінарнага ўздзеяння.
Ва ўстановах адукацыі і на іх тэрыторыі забаронена курэнне, ужыванне алкагольных і слабаалкагольных напояў, піва, наркатычных сродкаў, псіхатропных, таксічных і іншых адурманьваючых рэчываў. Парушэнне гэтай нормы таксама вядзе да дысцыплінарнай адказнасці.
Не трэба забываць і аб тым, што, акрамя Кодэкса аб адукацыі, у рэспубліцы дзейнічаюць Крымінальны кодэкс і Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях.